Андрэй Пятаў: «Супэрнікі часам адкрыта губляліся, калі траплялі ў бурлівы кацёл «Данбас-Арэны»

Брамнік «Шахцёра» Андрэй Пятаў падзяліўся ўспамінамі аб паражэньні ў супрацьстаяньні з «Цімішаарай» ў кваліфікацыі Лігі Чэмпіёнаў, а таксама аб прычынах посьпеху данецкага клюба на групавым этапе Лігі Эўропы.
«Мы былі абавязаны абыграць румынаў, але, маючы перавагу дома, абмежаваліся двума галамі, а супэрнікам хапіла пары контратак для нічыёй. Нешанцаваньне, з якім у футболе сутыкаюцца на кожным кроку, адыграла фатальную ролю.
Розніца ва ўзроўні групавых турніраў Лігі Чэмпіёнаў і Лігі Эўропы вельмі адчувальная. У Лізе Чэмпіёнаў наўрад ці атрымалася б забіваць па чатыры мячы за гульню нават пры самым спрыяльным складзе групы.
Крыўда ад паразы ў супрацьстаяньні з «Цімішаарай» адыграла ролю, калі ў першым крузе «Бругэ», «Тулуза» і «Партызан» атрымалі ад нас тузін мячоў на траіх. Але на першым месцы стаялі рацыянальныя меркаваньні аб бліцкрыге на старце турніру. Пажадана было вырашыць задачу выхаду ў плэй-оф на добрых палях, якія даюць перавагу «Шахцёру», у першую чаргу бразыльцам, за кошт тэхнічнай вывучкі. Да пачатку ж зімы перавага нівэлюецца з-за холаду і якасьці траўнікаў. Гэта наглядна пацьвердзіў матч з «Партызанам» ў Бялградзе, які, да шчасьця, нічога не вырашаў.
Той факт, што на «Данбас-Арэне» «Шахцёр» яшчэ не прайграў ніводнага разу, расцэньваю як надзвычай важны момант. Калі 50 тысяч балельшчыкаў 90 хвілін гоняць каманду наперад, узнікаюць дзіўныя адчуваньні, якія раней перажываць не даводзілася. А супэрнікі, наадварот, часам адкрыта губляліся, трапляючы ў гэты бурлівы кацёл », – сказаў Пятаў у інтэрвію «Спорт-Экспрэс».
Фота shakhtar.com
Паводле Sports.ru