Завяршыліся судзейскія курсы на Мальце

Вядучыя эўрапейскія рэфэры, а таксама новыя судзьдзі міжнароднай катэгорыі завяршылі падрыхтоўку да важных матчаў вясны і лета 2010 года на зімовых курсах УЭФА на Мальце.
У агульнай складанасці 103 арбітара прынялі ўдзел у 18-і паглыбленых курсах УЭФА для рэфэры элітнай і прэм’ер-катэгорыі, а таксама ў 19-і ўводных курсах для міжнародных судзьдзяў. Арганізаваныя Судзейскім камітэтам курсы сталі адным з шэрагу мерапрыемстваў, прымеркаваных да юбілею футбола на Мальце. Нядаўняе пасяджэньне Выканаўчага камітэта УЭФА супала з сьвяткаваньнем стагодзьдзя футбольных турніраў на востраве, тады як Футбольная асацыяцыя Мальты (ФАМ) адзначыла 50-годзьдзе паўнапраўнага членства ў УЭФА і ФІФА.
На ўступных курсах новыя судзьдзі катэгорыі ФІФА атрымалі вычарпальнае і ўсебаковае настаўленьне па абслугоўваньні матчаў у Эўропе. Арбітары здалі поўны тэст ФІФА на фізічную гатоўнасьць і выканалі шэраг іншых нарматываў пад кіраўніцтвам экспэрта УЭФА па фізічнай падрыхтоўцы судзьдзяў Вэрнэра Хелсэна і яго асістэнтаў. Акрамя таго, рэфэры прайшлі праверку на веданьне ангельскай мовы, якая зьяўляецца асноўнай мовай зносін арбітараў.
У тэарэтычнай частцы ўводных курсаў члены Судзейскага камітэта разам з інструктарамі далі каштоўныя парады па выбары пазіцыі на полі і прыняцьцю рашэньняў на прыкладзе відэакадраў з нядаўніх матчаў пад эгідай УЭФА. Нараўне з гэтым судзьдзі прынялі ўдзел у практычных занятках. Пад пільным наглядам інструктараў ФІФА і УЭФА Валянціна Іванова і Стыва Бэнэта новыя арбітары практыкаваліся ў прыняцьці рашэньняў на полі, выбары правільнай пазіцыі і паводзінах у выпадку сімуляцыі.
Удзельнікамі паглыбленых курсаў сталі арбітары, якія абслугоўваюць матчы самага высокага ўзроўню як у Эўропе, так і ва ўсім сьвеце. Многія з іх будуць працаваць у фінальнай стадыі Чэмпіянату Сьвету ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы. Арбітарам падрабязна распавялі аб экспэрымэньце з прыцягненьнем дадатковых рэфэры. Гэтую задачу на сябе ўзялі прадстаўнік Міжнароднага савета футбольных асацыяцый (IFAB) Дональд Маквікер і прадстаўнік ФІФА Фернанда Трэсако.
У рамках праэкту, ухваленага ФІФА і IFAB, галоўнаму і лінейным судзьдзям будуць дапамагаць два дадатковых асістэнта. Яны будуць размяшчацца за асабовымі лініямі і надаваць асаблівую ўвагу здарэньням у штрафной, такім як парушэньні або неспартыўныя паводзіны. Да гэтага часу экспэрымент меў толькі станоўчыя водгукі. Новаўвядзеньне ўжывалася на матчах групавога этапу Лігі Эўропы УЭФА, кадры з якіх былі прадэманстраваны арбітарам. Частка судзьдзяў сутыкнецца з экспэрымэнтам падчас вясновай стадыі Лігі Эўропы.
Абарона гульцоў ад залішне грубых парушэньняў з боку супэрнікаў, а таксама жорсткія пакараньні за сімуляцыю і затрымку застануцца аднымі з прыярытэтаў рэфэры УЭФА ў другой палове эўрапейскага сэзона. Вялікая ўвага ў рабоце рэфэры будзе таксама надавацца ўменьню кіраваць сітуацыямі, у якіх футбалісты выказваюць празмернае абурэньне або ўдзельнічаюць у канфрантацыі.
Паводле uefa.com