«Рубін» набыў абаронцу

«Рубін» заключыў кантракт з цэнтральным абаронцам «Сэльты» Хордзі Фігэрасам. Пагадненьне з 22-гадовым гішпанскім футбалістам разлічана на тры сэзоны.
Хордзі – выхаванец «Льейды», клюба, які выступае ў трэцім па ранжыроўцы гішпанскім дывізіёне. Пасля футбаліст пагуляў за трэцюю каманду мадрыдскага «Рэяла», а ў 2008 годзе перайшоў у «Сэльту» , у якой дэбютаваў у сярэдзіне сезона 2008/09. У бягучым чэмпіянаце каталёнец забіў адзін гол у 15 матчах другога гішпанскага дывізіёну.
«Продаж Хордэ, які ўчора развітаўся з партнёрамі на базе «А Мадроа», прайшоў без непрадбачаных акалічнасьцяў і прынес клюбу 850 тысяч эўра, – сьведчыць вядучая газета Галісіі Faro de Vigo. – Цэнтральны абаронца падпіша з «Рубінам» трохгадовае пагадненьне, а яго заробак ўзрасьце амаль на парадак». Па інфармацыі газеты Marca, заробак гульца складзе каля паўмільёна эўра ў год. Каля 22 тысяч эўра належыць «Льейдзе», нагадвае Faro de Vigo. Правіла ФІФА прадугледжваюць адлічэньне пяці адсоткаў ад сумы трансфэрнай угоды ўсім клюбам, дзе футбаліст выступаў да 22 год.
«Сэльта» ў бягучым першынстве Гішпаніі займае 17-е месца ў другім дывізіёне, дзе ідзе ў двух ачках ад зоны вылету. «Рубін» у мінулым годзе пацьвердзіў званьне лепшай каманды Расіі, атрымаўшы пропуск у Лігу Чэмпіёнаў УЭФА-2010/11. У першым паядынку 1/16 фіналу Лігі Эўропы УЭФА казанцы разграмілі «Хапоэль» з Тэль-Авіва з лікам 3:0.
Паводле uefa.com