«Рубін» узяў Чэбану

Напярэдадні старту ў 1/16 фіналу Лігі Эўропы УЭФА чэмпіён Расіі «Рубін» ўзмацніўся малдаўскім галкіперам Ілія Чэбану, які падпісаў з казанцамі трохгадовы кантракт.
Чэбану, якому 29 сьнежня споўнілася 23 гады, раней выступаў за «Віслу» з Кракава, дзе ён правёў апошнія два з паловай гады. Зрэшты, на полі ў складзе чэмпіёна Польшчы ён зьяўляўся нячаста і згуляў за яго ўсяго шэсьць матчаў.
«Вельмі рады таму, што падпісаў кантракт з чэмпіёнам Расіі. Зараз трэба шмат працаваць, каб апраўдаць давер», – сказаў Ілія ў інтэрвью UEFA.com.
Сын прэзідэнта Футбольнай асацыяцыі Малдовы Паўла Чэбану пачынаў гуляць у футбол у юнацкіх камандах Кішынёўскага «Зімбру», зоркай якога ў 70-х быў яго бацька. З 16 гадоў Ілія стаў набірацца вопыту ў аўстрыйскіх «Кэрнтэне», «Санкт-Вэйце», «Штурме» і «Капфэнбэрге».
У 2007 годзе галкіпер перайшоў у кракаўскую «Віслу», у складзе якой стаў чэмпіёнам Польшчы. Правёў 18 гульняў за моладзевую зборную краіны і адну гульню ў першай зборнай Малдовы.
Нагадаем, што ў 1/16 фіналу Лігі Эўропы «Рубін» будзе супрацьстаяць «Хапаэлю» з Тэль-Авіва.
Фота Getty Images
Паводле uefa.com